МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,
папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.
У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.
т. 10, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)